Главная » 2015 » Май » 11 » 7. Вера
14:15
7. Вера

РАЗВАЖАННІ АБ ВЕРЫ

(Працяг.)

 

Ксёндз Тадэвуш Дайчэр

 

     Малады чалавек, які, здавалася, быў адкрыты на Бога, быў, аднак, нявольнікам гэтага свету, нявольнікам свайго багацця і свайго грамадскага становішча. Святы Лука гаворыць, што ён быў «зверхнікам», г. зн. займаў нейкую важную пасаду (гл. Лк 18,18). Усе гэтыя даброты могуць стаць паміж чалавекам і Богам, могуць быць такою вялікаю перашкодаю, што такому чалавеку будзе вельмі цяжка збавіцца. Прывязанасць да гэтага свету, да таго, што стварыў Бог (а гэта з'яўляецца толькіЯгоным дарам, а не Ім самім), можа, знявольваючы нас, не толькі перашкодзіць, але нават зрабіць немагчымым нашае збаўленне.

      У сваім падарожжы ў Сан Джаванні Ратондо я сустрэў навукоўца, які таксама ехаў да айца Піо, каб папрасіць благаслаўлення для сваёй працы. Ён прыехаў з двума выдадзенымі тамамі гэтай працы, якую назваў сваёй opus vitae — справаю жыцця. Падчас споведзі ён паказаў айцу Піо сваю працу і папрасіў у яго благаслаўлення. Рэакцыя айца Піо была ашаламляльнай, перш за ўсё — велізарнае здзіўленне: «Гэта і ёсць opus vitae — справа твайго жыцця?» Ён узяў у рукі тыя два тамы і яшчэ раз паўтарыў:«Дык гэта і ёсць твая opus vitae, — значыць, шэсцьдзесят гадоў ты жыўдзеля таго, каб напісаць дзве гэтыя кніжкі, такою была мэта твайго жыцця? — амаль крычаў айцец. — Гэта твая opus vitae, дзеля гэтага ты жыў? А дзе ж твая вера?» Потым айцец Піо палагаднеў, нібы заўважыў недасведчанасць гэтага чалавека, і лагодна запытаў: «Ты, хіба, вельмі шмат прыклаў намаганняў для гэтай справы? Напэўна, было шмат бяссонных начэй, шмат пакладзена здароўя. Ага, быў інфаркт. I ўсё гэта менавіта дзеля амбіцый, каб стварыць сваю opus vitae. Глядзі, — працягваў ён далей, — што значаць розныя куміры, прывязанасці. Калі б ты рабіў тое ж самае, але для Бога, то ўсё было б інакш. Ты ж усё прысвоіў, гэта была твая opus vitae, твая ўласная справа». Закончылася гэтая споведзь таксама ў стылі айца Піо. Ён зноў павысіў голас: «Калі толькі з гэтым прыйшоў,   то va via— з лёгкім ветрам». Айцец Піо быў, як кажуць італьянцы, rude, г.зн. суровы, але за гэтаю суровасцю крылася вялікая любоў да кожнага чалавека, да кожнага, хто прыходзіў спавядацца. Гэта быўчалавек, які любіў а любоў валодае сілай. Гэта дзякуючы ягонай любові тая ашаламляльная гутарка-споведзь стала сапраўды пераломным момантам у жыцці вучонага. Ён сапраўды пачаў інакш думаць, інакш глядзець на свет.

     Абрагам, айцец нашай веры, атрымаў цудоўны дар — у глыбокай старасці ў яго нарадзіўся сын. Для Абрагама гэта было надзвычайнае шчасце, ён атрымаў самы вялікі чалавечы скарб — сына, нашчадка. Бацькі, звычайна, прысвойваюць сабе дзяцей, мажліва, і Абрагам паддаўся гэтай спакусе. Аднак, калі Бог пажадаў, каб ён аддаў свайго сына, Абрагам згадзіўся. Ён згадзіўся таксама аддаць атрыманы дар самым трагічным для сябе чынам. A што было б, калі б Абрагам не захацеў аддаць свайго сына, калі б ён узбунтаваўся, будучы перакананы, што жаданне Бога занадта бязлітаснае? Што б тады сталася? Ісаак загінуў бы. Няважна, якімі былі абставіны ягонай смерці, — ці памёр бы ён ад хваробы, загінуў у бітве ці ў дарозе, ці растузалі б яго дзікія звяры. Ён быў бы забраны ў Абрагама, бо ён тады стаў бы паміж Абрагам і Богам. Ісаак стаў бы тады для Абрагама перашкодаю ў яго поўным адданні сябе Богу ў веры. He аддаўшы сына, Абрагам прысвоіў бы яго. Прысваенне ж дару заўсёды з'яўляецца знішчэннем яго, ударам, скіраваным супраць сябе самога і супраць дару. Аддаючы сына, Абрагам не толькі знайшоў яго, але, акрамя гэтага, атрымаў шматразова памножаны дар — ласку святасці, у якой удзельнічаў і сын. Абрагам і Ісаак — гэта першыя святыя патрыярхі Старога Запавету.

     AveMaria № 5/2008

Просмотров: 377 | Добавил: benedict | Теги: вера | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
avatar