Пампейская навэнна

 

Непераможная малітва

Адкуль паходзіць слова «навэнна» і якое мае значэнне? У лацінскай мове nona значыць дзевяць. Ад гэтага слова паходзіць слова «навэнна». У Дзеях Апосталаў (1 і 2 раздзелы) мы чытаем, што пасля Унебаўшэсця Пана Езуса апосталы і Марыя аднадумна трывалі ў малітве. Гэтая асаблівая малітва працягвалася дзевяць дзён, і пасля гэтых дзевяці дзён малітвы на апосталаў і Марыю сышоў Дух Святы. Адсюль бярэ выток традыцыя дзевяцідзённай малітвы, якую вернікі перажываюць разам з Марыяй або іншым святым і падчас якой давяраюць Богу нейкую складаную справу.

Пампейская навэнна, пра якую я хачу напісаць, — гэта асаблівы прыклад  навэнны. Яна злучае ў адно шэсць звычайных навэннаў. Такім чынам, мы маем справу з «мега» навэннай, якая доўжыцца на працягу 54 дзён. Я чытаў дзесьці, што калі святы айцец Піо перажываў складаны час свайго жыцця, за яго маліліся менавіта гэтай навэннай. Сам айцец Піо таксама раіў мноству людзей маліцца гэтай навэннай. Сведчанне таго, што святы айцец Піо маліўся Пампейскай навэннай і адчуў на сабе яе плён і раіў маліцца ёю іншым людзям, можа натхніць кожнага з нас на практыкаванне гэтай формы малітвы. Айцу Піо можна паверыць і варта наследаваць яго ў гэтай малітве. Мала таго, калі казаць пра саму ружанцовую малітву, святы айцец Піо штодня маліўся ад 20 да 30 частак святога Ружанца або да дзесяці Пампейскіх навэннаў кожны дзень! Гэта дзіва! Калі ў яго пыталіся: «Ойча, як ты гэта робіш, як знаходзіш час, каб столькі разоў кожны дзень маліцца на ружанцы?», ён адказваў пытаннем на пытанне: «А як вы гэта робіце, што не робіце гэтага?» Перад смерцю ў айца Піо спыталі, што б ён хацеў перадаць людзям. Айцец сказаў: «Я хацеў бы заахвоціць усіх грэшнікаў любіць Маці Божую і няспынна маліцца на ружанцы. Д’ябал заўжды імкнецца знішчыць гэтую малітву, але гэта ніколі ў яго не атрымаецца. Гэта малітва Той, што валадарыць над усім светам і над усімі стварэннямі. Яна навучыла нас маліцца на ружанцы, як Езус навучыў нас малітве Ойча наш».

Шмат разоў падчас казанняў або канферэнцый я расказваў пра Пампейскую навэнну. Былі асобы, якія хацелі б маліцца ёю, але не здолелі добра запомніць усё, што гаварылася на гэтую тэму падчас казання. Яны прасілі дакладна ўсё растлумачыць яшчэ раз. Такім чынам, як жа практыкаваць гэтую малітву?

Вось парады для тых, хто хоча маліцца Пампейскай навэннай.

1) Дзень, калі распачынаем Пампейскую навэнну, адзначаем у календары.

2) Пампейская навэнна доўжыцца 54 дні. Кожны дзень молімся тры ранейшыя часткі святога Ружанца (радасную, балесную і хвалебную). Калі хтосьці жадае, можна маліцца чатыры часткі, разам з таямніцамі святла.

3) Перад тым, як распачаць кожную частку, узгадваем інтэнцыю (коратка і ясна, і толькі адну інтэнцыю), а пасля кажам: «Гэты Ружанец малюся на Тваю хвалу, Каралева Ружанца святога».

4) На працягу 27 дзён молімся так званую частку просьбаў Пампейскай навэнны і штодня на заканчэнне кожнай часткі святога Ружанца молімся наступным чынам: «Памятай, о міласэрная Ружанцовая Панна з Пампеяў, што ніколі не здаралася, каб быў пакінуты Табою хтосьці з тых, хто Цябе ўшаноўвае, з Ружанцам Тваім кліча Цябе на дапамогу. 
О, не пагарджай просьбаю маёю, о Маці спрадвечнага Слова, але праз Твой святы Ружанец і праз упадабанне, якое аказваеш Тваёй святыні ў Пампеях, ласкава выслухай мяне. Амэн».

5) На працягу наступных 27 дзён молімся так званую частку падзякаў Пампейскай навэнны і штодня на заканчэнне кожнай з трох частак святога Ружанца молімся наступным чынам: «Што ж я магу даць Табе, о Каралева, поўная любові? Усё маё жыццё аддаю Табе. Наколькі буду мець моцы, буду пашыраць хвалу Тваю, о Дзева святога Ружанца з Пампеяў, бо калі я клікаў (клікала) Цябе на дапамогу, агарнула мяне ласка Божая. Паўсюль я буду апавядаць пра міласэрнасць, якую Ты праявіла да мяне, як толькі здолею, буду пашыраць набажэнства святога Ружанца, усім буду абвяшчаць, якой ласкавай Ты была да мяне, каб і нягодныя, як і я, грэшнікі з даверам імкнуліся да Цябе. О, калі б цэлы свет ведаў пра Тваю дабрыню і літасць да церпячых, усе стварэнні прыходзілі б да Цябе. Амэн».

6) Незалежна ад малітваў на заканчэнне, запісаных у 4 і 5 пунктах гэтых «практычных парадаў», кожная з трох частак святога Ружанца (напрыклад, хвалебная) непасрэдна заканчваецца трохразовым заклікам да Маці Божай: «Каралева Ружанца святога, маліся за нас».

Як мы ведаем, звычайна навэннаю моляцца на працягу 9 дзён. Пампейская выглядае інакш: гэта патроеная навэнна просьбаў, якая трывае 27 дзён, злучаная з патроенай навэннай падзякаў, якая таксама трывае 27 дзён. Такім чынам, уся Пампейская навэнна доўжыцца 54 дні. Штодня мы молімся 3 (можна 4) часткі Ружанца.

У 1884 годзе хворая 21-гадовая Фартунаціна Агрэллі з Пампеяў падчас аб’яўлення Маці Божай атрымала параду пасля кожнай часткі Ружанца паўтараць словы: «Каралева Ружанца святога, маліся за нас». Яна першая адчула на сабе незвычайную моц гэтай малітвы і перажыла аздараўленне. Пасля цудаў, якія афіцыйна былі прызнаныя Святым Айцом Львом XIII, было шмат аздараўленняў, а Пампейскую навэнну сталі называцьнепераможнай навэннай. Марыя сказала Фартунаціне: «Я не магу ні ў чым адмовіць табе, калі называеш Мяне гэтым найпрыгажэйшым імем, Каралеваю Ружанца святога». Варта ведаць пра тое, што свой Апостальскі ліст Rosarium Vіrginis Mariae, прысвечаны Ружанцу, папа Ян Павел ІІ падпісваў пад абразом Маці Божай з Пампеяў. У гэтым лісце Святы Айцец нагадваў, што няма такой праблемы — прыватнай, грамадскай, народнай, — якой нельга было б вырашыць з дапамогаю Ружанца.


Сведчанні пра Пампейскую навэнну

«Спадарыня Іза з Варшавы, якая даведалася пра навэнну з улёткі, ужо праз тры дні вырашыла маліцца ёю, калі дазналася, што яе сын збіраецца скасаваць шлюб з жонкаю і хутка адбудзецца развод. „Я была ў роспачы, але малілася, толькі так я магла дапамагчы”, — казала яна сваёй знаёмай. Калі Іза скончыла навэнну, ёй патэлефанаваў сын і паведаміў, што хутка яна стане бабуляю. Іза малілася аб еднасці ў сям’і, але атрымала ж не толькі гэта, а нашмат больш: стала бабуляю».

Ёсць людзі, якія, пачуўшы пра навэнну, кажуць: гэта занадта цяжка, я не здолею, гэта не для мяне. Спадарыня Лідзія Вайдзік таксама так лічыла. Яна ўзгадвае: «Мне здавалася, што маючы столькі абавязкаў, я не знайду дастаткова часу, каб штодня маліцца ўсе часткі Ружанца. І бывалі складаныя моманты. Я малілася паўсюль, дзе гэта было магчыма. Вельмі дапамаглі дзесяць вялікіх пацерак, якія можна было перасоўваць далоняй, калі я, напрыклад, была занятая гатаваннем абеду».

Узгадваецца сяброўка, якая, вяртаючыся з працы, выходзіць на некалькі прыпынкаў раней, ідзе пехатою і моліцца. І таксама — загружаная маці, якая адна выхоўвае траіх дзяцей і глядзіць за хворымі бацькамі, і, аднак, стала маліцца Пампейскай навэннай, каб дапамагчы дачцэ-падлетку выйсці з дэпрэсіі і пазбавіцца думак пра самазабойства. Калі праз 54 дні гэтая жанчына пачула: «Ведаеш, мама, я хачу жыць!», у яе самой прыбыло моцы і надзеі.

Калі скептыкі кажуць, што Пампейская навэнна — гэта адзін з хрысціянскіх забабонаў, які палягае на магічнай моцы лічбы 54 дзён, вызнаўцы толькі ўсміхаюцца і кажуць: «Справа не ў лічбах, а ў даверы да Бога. Пан Бог чакае ад нас трываласці і шмат адкрывае нам дзякуючы гэтай малітве. Ён вырывае нас з духоўнай ляноты, і тое, што раней здавалася невырашальнаю праблемаю, мы цяпер здольныя ўбачыць у іншым святле. Вось галоўны цуд гэтай малітвы. Іншы цуд — тое, што нам ужо не так цяжка знайсці час, яго аказваецца досыць, каб пачаць чарговыя навэнны”».

Я прагну заахвоціць кожнага маліцца Пампейскай навэннай. Рашэнне прысвяціць час і маліцца разам з Найсвяцейшай Марыяй у інтэнцыі нейкай складанай асабістай, сямейнай ці іншай справы выцякае з любові і натхнення Духа Святога. Гэта ласка, якая можа быць дадзеная нам сёння, а магчыма, да яе трэба даспець і дачакацца яе.

Напэўна, варта ведаць пра Пампейскую навэнну, бо раней ці пазней у нашым жыцці з’явіцца вельмі складаная сітуацыя, і каб разабрацца з ёю, мы не знойдзем іншага спосабу, акрамя трывалай малітвы. Варта заахвочваць маліцца Пампейскай навэннай нашых блізкіх і знаёмых, якія перажываюць жыццёвыя цяжкасці. Малітва з Каралеваю Ружанца святога вельмі ўзмацняе нашую надзею і любоў. Яна вучыць верыць Божаму Провіду ў безнадзейных выпадках, а таксама стану дзіцячасці і пакоры.

Безумоўна, мы павінны імкнуцца маліцца старанна і не спяшаючыся. Варта памятаць, што плённасць ружанцовай малітвы палягае на тым, што разам з Марыяй мы адкрываемся на словы Евангелля і такім чынам молімся словам Божым. Божае слова, калі мы прымаем яго сэрцам, здзяйсняе ў нас тое, што азначае, і перамяняе нашыя думкі, словы і нашыя ўчынкі. Ружанец, як і чалавек, мае «цела» і «душу». «Цела» — гэта словы малітвы, якія мы прамаўляем, а «душа» Ружанца — гэта разважанне над зместам, схаваным у кожнай таямніцы. Каб падчас ружанцовай малітвы адбывалася разважанне, трэба ведаць змест той часткі Евангелля, якая датычыць пэўнай таямніцы. Разважанне, сузіранне словаў Святога Пісання — гэта «душа» гэтай малітвы, а без душы яна не мае «жыцця».

Вельмі натхняе той факт, што шмат людзей у свеце практыкавала гэтую малітву і цешыцца яе плёнам. Я хачу сведчыць, што шмат разоў маліўся і надалей малюся Пампейскай навэннай. Марыя выслухоўвае, вучыць давяраць складаныя сітуацыі Пану Богу і нясе Хрыстовы супакой.

Я дадам яшчэ, што святы Людвік Грыньён дэ Манфор у вядомым трактаце пра дасканалае набажэнства да Найсвяцейшай Дзевы Марыі заклікае нас штодня маліцца на ружанцы. Ён піша так: «Наколькі гэта магчыма і залежыць ад цябе, імкніся штодня маліцца цэлы Ружанец, і ў хвіліну смерці будзеш дзякаваць Богу за імгненне, калі паверыў мне». Маці Божая, аб’явіўшыся ў Фаціме як Каралева святога Ружанца, таксама горача заклікае нас: «Штодня маліцеся на ружанцы». Яна прамаўляе гэтыя словы і ў Люрдзе. Калі мы сапраўды з’яўляемся Яе дзецьмі, як жа можна не паслухацца Маці? Святыя, нашыя сучаснікі, таксама маліліся на ружанцы і таксама часта — цэлым Ружанцам. Заснавальнік Opus Dei святы Хосэ Марыя Эскрыва штодня маліўся ўсе часткі Ружанца, дадаючы Ларэтанскую літанію пасля той часткі, якая прыпадала на пэўны дзень. Ружанец — гэта ні што іншае, як разам з Марыяй, ля Яе сэрца, як дзіцятка, што прытулілася да Маці, сустрэцца з жывым Езусам. Падчас гэтай малітвы мы слухаем Яго разам з Ёю, захапляемся Ягонай любоўю і мудрасцю. Яна вучыць нас лепш разумець і жыць словамі Пана. У гэтай малітве мы таксама дзякуем, просім і праслаўляем разам з Ёю Бога. Ці ж гэта не цудоўна — быць у школе Марыі? Яна — першы вучань Пана Езуса і вучыць нас быць Яго вучнямі.

Яшчэ адна істотная рэч. Варта ведаць, што абраз Маці Божай Ружанцовай у санктуарыі ў Пампеях (Італія) — гэта добра вядомая выява Маці Божай, якая праваю рукой трымае Дзіцятка Езуса, а леваю падае ружанец святой Кацярыне Сіенскай, якая кленчыць, а малы Езус падае ружанец святому Дамініку, які таксама стаіць на каленях. Гэта цудоўна, калі мы штодня кленчым перад Езусам і Марыяй і разам са святым Дамінікам і святой Кацярынай Сіенскай паглыбляемся ў разважанне над Божымі таямніцамі, просячы аб ласцы супакою для сям’і і свету. Не забудзем жа таксама прасіць: Езу і Марыя, навучыце нас плённа маліцца на ружанцы.


Малітва да святога Дамініка і святой Кацярыны Сіенскай аб атрыманні ласкі ад Найсвяцейшай Маці Божай Ружанцовай


О святы Божы святар і слаўны патрыярх святы Дамінік, які быў сябрам, улюбёным сынам і даверанаю асобаю Нябеснай Каралевы і здзейсніў шматлікія цуды моцаю святога Ружанца, і ты, святая Кацярына Сіенская, першая дачка Ружанцовага ордэну і магутная заступніца перад тронам Марыі і ў Сэрца Езуса. Вы, мае ўлюбёныя святыя, узгляньце на мае патрэбы і злітуйцеся над станам, у якім знаходжуся. Вы мелі на зямлі сэрцы, адкрытыя на патрэбы іншых, і моц, каб іх падтрымаць. Цяпер у небе не зменшыліся ні вашая любоў, ні вашая моц. Маліцеся! Маліцеся, Маці Ружанцовая і святыя, бо я да канца веру, што ў вашым заступніцтве атрымаю ласку, якой так прагну. Няхай так станецца. 

Напрыканцы трэба тры разы памаліцца «Хвала Айцу…»

«Ave Maria»